Сакрэты алімпіядных перамог: вопыт творчага тандэма педагогаў-біёлагаў школы № 3 Ашмян
У сярэдняй школе № 3 Ашмян працуюць педагогі-біёлагі з асаблівай гісторыяй. Дзіяна Дарняк калісьці сядзела за партай на ўроках намесніка дырэктара Алены Кумпіцкай.
Сёння яны калегі і абедзве рыхтуюць пераможцаў алімпіяд. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Своечасова падказаць
Падчас мінулага абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі на рахунку вучняў абодвух педагогаў — перамогі. Увогуле, амаль чвэрць каманды разумнікаў і разумніц з Ашмяншчыны, якія ўдзельнічалі ў трэцім этапе алімпіяды (па ўсіх прадметных напрамках!), — выхаванцы творчага тандэма Алены Кумпіцкай і Дзіяны Дарняк.
— Не памылюся, калі адзначу, што ўпэўненыя веды па біялогіі — нешта накшталт моды сярод нашых школьнікаў. Шмат гадоў мы маем адпаведны профіль, ва ўстанове склаліся добрыя традыцыі падрыхтоўкі. Безумоўна, рада, што сёння такія традыцыі перадаю сваёй выпускніцы, — пачынае размову Алена Анатольеўна.
Педагог памятае Дзіяну Дарняк сумленнай вучаніцай, якая прыслухоўвалася да яе парад адносна прадмета і не толькі.
— Біялогія заўсёды з’яўлялася прыярытэтам для Дзіяны, якая пэўны час была рашуча настроена на медыцынскі ўніверсітэт. Але мне ўсё здавалася: выразна бачу перад сабой будучага настаўніка. Тут адразу заўважныя і лідарскія якасці, і ўменне зацікавіць сваёй асобай, і лёгкасць згуртавання вакол сябе аднагодкаў, — паведаміла намеснік дырэктара.
Пасля адпаведнай размовы з вучаніцай яна падзялілася падобнымі разважаннямі з яе бацькамі. Як вынік, агульным сямейным рашэннем стаў выбар на карысць педагогікі.
— Своечасова падказаць — адна з галоўных задач настаўніка. У гэтым пераконваюся кожны раз, калі наведваю заняткі сваёй калегі. Здаецца, на адным з першых такіх урокаў адчула, нібы бачу сябе каля дошкі, — з асаблівай інтанацыяй адзначае Алена Кумпіцкая.
Ад тэорыі да практыкі
У 2016 годзе яе перспектыўная вучаніца справілася з ЦТ па біялогіі на 80% і стала студэнткай БДПУ. А праз чатыры гады зноў пераступіла парог роднай школы. Толькі ўжо ў іншым статусе.
— У самым пачатку было даволі няпроста, але дарадчыкаў і памочнікаў у мяне заўсёды хапала. У сваёй жа школе! Як толькі праз два гады работы звыклася з нагрузкай настаўніка-прадметніка, новы выклік — класнае кіраўніцтва. Тады “маімі” сталі ўсяго 12 дзесяцікласнікаў. Але праз год іх клас аб’ядналі з іншым, і першымі выпускнікамі ў маёй гісторыі класнага кіраўніцтва былі 29 разумнікаў, — дзеліцца малады педагог.
Яна з усмешкай дадае, што яшчэ праз год новым прафесійным экзаменам стала прапанова весці заняткі ў профільнай групе па біялогіі.
— Такі профіль мы фарміруем у 8 класе. Ён аб’ядноўвае звычайна 12—15 вучняў з усіх класаў паралелі. У іх раскладзе з’яўляюцца 4 гадзіны біялогіі і адпаведны факультатыў. Менавіта тут пачынаецца шлях да паспяховага паступлення і алімпіядных вяршынь. Мая калега Дзіяна Генадзьеўна называе работу з профілем чарговым экзаменам у прафесіі. Калі так, то справілася з ім яна на выдатна. У першы год работы з матываванымі вучнямі — васьмікласнікамі — падрыхтавала пераможцаў раённага ўзроўню рэспубліканскай алімпіяды, — працягвае размову Алена Анатольеўна.
За 6 гадоў малады педагог назбірала зайздросную скарбонку дасягненняў — 38 перамог вучняў на раённых алімпіядах. Сёння яе галоўная гордасць — Ягор Сафоненка, васьмікласнік, які ў мінулым годзе ўзяў дыплом І ступені на абласным этапе і другі дыплом на заключным, выступаючы за 9 клас. У гэтым годзе на вобласці ён стаў абсалютным пераможцам сярод дзевяцікласнікаў.
— У мінулым годзе шасцёра маіх вучняў здавалі біялогію. Па выніках цэнтралізаванага экзамену ў іх два стабальныя вынікі, адзін — 94 балы і тры — па 91. Усе паступілі на бюджэт у медыцынскія ўніверсітэты, — дадае Дзіяна Дарняк.
Сакрэты майстэрства

Амаль да кожнага ўрока яна рыхтуе інфарматыўныя прэзентацыі і інтэрактыўныя заданні, а ўсе лабараторныя і практычныя работы яе вучні здаюць, нават не дапускаючы магчымасці варыянта “дапішыце дома”.
— Максімальнае далучэнне кожнага школьніка падчас вывучэння новага матэрыялу ці тэматычнага кантролю — яшчэ адзін фактар поспеху. Калі мы разбіраем будову вока — па чарзе навучэнцы складаюць адпаведную вучэбную мадэль і тлумачаць свае дзеянні. Праходзім шкілет — паказваюць косці на зручным макеце. Не на малюнках, — ужо разам працягваюць педагогі.
Іх вучні рашаюць сістэматызаваныя па кожнай тэме тэсты — выбарку з цэнтралізаваных экзаменаў мінулых гадоў. А пачынаючы з 10 класа звычайнай практыкай для іх становіцца рашэнне ЦЭ поўнасцю.
— Даю рашаць самастойна. Разам сочым за дынамікай вынікаў. Усе мае дзеці, пачынаючы з 10 класа, абавязкова пішуць РТ, — гаворыць Дзіяна Генадзьеўна.
Нават у рабоце з рашуча настроенымі на паступленне ў медуніверсітэт па мэтавым накіраванні вучнямі яна выпрацавала сваю сістэму падрыхтоўкі да здачы ўнутранага экзамену.
— У красавіку — маі мы разбіраем усе сто пытанняў да ўступнага экзамену ў медуніверсітэт. Дзеці вучаць дома, прыходзяць, і я рандомна пытаюся. Такая рэпетыцыя ў сценах роднай школы важная не толькі для паспяховай падрыхтоўкі, але і для пераадолення псіхалагічнага бар’ера, — дзеліцца Дзіяна Дарняк.
Па парадзе педагога, які даў ёй пуцёўку ў прафесію, Дзіяна не губляе сувязі са сваімі вучнямі і пасля іх паспяховага паступлення.
— Алімпіяда — гэта ўжо не толькі пра школу. За парадамі наконт літаратуры часам звяртаемся да сваіх выпускнікоў, якія вучацца, напрыклад, у БДУ. У нас ёсць доступ да электронных бібліятэк універсітэтаў. Спачатку ўсё гэта вывучаем самі, затым робім выбарку і складаем канспекты, а толькі потым тлумачым дзецям на даступным узроўні, — акрэслівае алімпіядную падрыхтоўку з боку настаўнікаў Алена Кумпіцкая.
А Дзіяна тым часам дадае, колькі часу асабіста ў яе патрабуе падрыхтоўка адной тэмы для профільнага класа. У першы год работы гэта былі нават 5—6 гадзін.
Настаўнік выхаваў настаўніка
— Быў перыяд, калі я ўсе алімпіядныя заданні аддала Дзіяне. Сказала: “Усё, больш не займаюся ні профілем, ні алімпіядамі”. Праз паўгода зразумела — не магу без гэтага. Калі гараць вочы дзяцей, ты не можаш спыніцца, — дзеліцца намеснік дырэктара.
Адчула і ацаніла гэта і яе таленавітая пераемніца.
— Што дапамагае рухацца наперад? Перамогі дзяцей, — прызнаецца Дзіяна. — Калі яны ідуць на абласную алімпіяду, я сяджу пад дзвярыма, чакаю, хвалююся. Ласункі для іх купляю, каб падтрымаць. Калі на ЦЭ ідуць — праводжу. Дырэктар пытаецца: “Чаго ты хвалюешся?” А я хвалююся за сваіх дзяцей, як за родных. Мабыць, з часам гэтыя хваляванні буду адчуваць не так яскрава (паціскае плячыма).
Алена Анатольеўна падчас гэтых слоў глядзіць на сваю былую вучаніцу з гордасцю:
— Сабраць матэрыял нескладана. Складана сістэматызаваць, адабраць і на даступным узроўні растлумачыць. Без базы рашаць алімпіядныя заданні немагчыма. Але калі ў цябе ёсць такая вучаніца, якая становіцца калегай і працягвае тваю справу на такім узроўні, — гэта шчасце.
Гісторыя іх прафесійнага дуэта — больш чым проста аповед пра пераемнасць. Гэта жывы доказ таго, што сапраўдны настаўнік не толькі перадае веды, але і запальвае агонь у сэрцах вучняў. Часам гэты агонь становіцца настолькі яркім, што асвятляе шлях назад — у родную школу, да самай высакароднай прафесіі.
Дзіяна Дарняк вярнулася не проста працаваць — яна вярнулася, каб працягнуць справу свайго настаўніка, памножыць традыцыі і дасягнуць новых перамог. Гледзячы на вынікі яе вучняў, разумееш: круг замкнуўся самым цудоўным чынам. Эстафета перададзена ў надзейныя рукі, а наперадзе абавязкова новыя алімпіядныя вяршыні і новыя гісторыі поспеху.
Источник: https://nastgaz.by














