Акадэмія навук — школе. На базе гімназіі № 1 г. Ваўкавыска адбылася сустрэча супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук з навучэнцамі і настаўнікамі гарадскіх школ і гімназійГрупы ранняга ўзросту ў дзіцячых садах дадаткова плануецца адкрыць да 1 сакавіка ва ўсіх раённых цэнтрах Гродзеншчыны

На пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства адукацыі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык расказаў пра ўмовы фарміравання аптымальнай сеткі ўстаноў адукацыі ў рэгіёне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За апошнія 5 гадоў Гродзенская вобласць значна абнавіла адукацыйную інфраструктуру, адкрыўшы 7 новых дзіця­чых садоў і 2 школы. Паралельна з гэтым рэгіён планамерна аптымізуе сетку ўстаноў. Калі ў пачатку 2021 года іх налічвалася 779, то цяпер функцыянуюць 702. За пяцігадовы перыяд колькасць дзіцячых садоў скарацілася на 27 (уключаючы 2 спецыялізаваныя), што абумоўлена памяншэннем колькасці дзяцей.

Разам з тым вялікая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню даступнасці дашкольнай адукацыі для дзяцей ранняга ўзросту. Улічваючы, што ў апошні час колькасць выхаванцаў у дзіцячых садах знізілася, штогод планамерна павялічваецца колькасць груп ранняга ўзросту (ад 1 да 2 гадоў). У бягучым годзе функцыянуе 31 такая група. Да 1 сакавіка дадаткова плануецца адкрыць групы ранняга ўзросту (ад 1 да 2 гадоў) ва ўсіх раённых цэнт­рах і ў Гродне.

Нягледзячы на адносна стабільную колькасць школьнікаў (каля 115—116 тысяч чалавек), колькасць агульнаадукацыйных устаноў за гэты перыяд таксама скарацілася на 27.

— У бягучым годзе работа па аптымізацыі працягнецца. Па ўсіх напрамках прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння адукацыйнага працэсу, арганізацыі падвозу навучэнцаў, правядзення растлумачальнай работы з персаналам і бацькамі, а таксама для вырашэння пытанняў працаўладкавання вызваленых супрацоўнікаў, — адзначыў Руслан Юр’евіч.

З улікам патрабаванняў пастановы Міністэрства адукацыі ад 7 кастрычніка 2024 года № 119 “Аб парадку вызначэння аптымальнай колькасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі” ў рэгіёне перагледзелі сетку ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Цяпер у кожным раёне вобласці, акрамя Ліды і Гродна, працуе па адной такой установе, пры гэтым ахоплены ўсе запатрабаваныя напрамкі дзейнасці.

— З 2021 года рэалізоў­ваецца зацверджаны губернатарам перспектыўны графік аптымізацыі ўстаноў прафесійнай адукацыі, падпарадкаваных галоўнаму ўпраўленню адукацыі. Сёння па запатрабаваных рэальным сектарам экано­мікі спе­цыяльнасцях маладыя лю­дзі атрымліваюць адукацыю ў 19 каледжах (у 2021 го­дзе іх было 24). 21 студзеня бягучага года прынята чарговае рашэнне аб далу­чэнні Лідскага політэхнічнага каледжа да Лідскага тэхналагічнага каледжа, рэарганізацыя будзе праведзена да 1 верасня 2026 года, — паведаміў начальнік упраўлення.

Камісіі па рэарганізацыі актыўна працуюць над тым, каб усе аб’екты нерухомасці былі максімальна ўключаны ў гаспадарчую дзейнасць. Так, былы будынак Карэ­ліцкага каледжа (у 2022 го­дзе ўстанова далучана да Мірскага мастацкага каледжа) цяпер выкарыстоў­ваецца для размяшчэння спартыўнай школы, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама шэрага сацыяльных і адміністрацыйных службаў. Харчаблок арандуе прыватны прадпрымальнік пад аб’ект грамадскага харча­вання, а ў інтэрнаце жы­вуць супрацоўнікі раённых устаноў, уключаючы маладых спецыялістаў. У Гродне вызваленыя будынкі былі перададзены гарвыканкаму для продажу на аўкцыёне або іншым адукацыйным установам вобласці для паляпшэння іх умоў.

— Сэканомленыя грошы застаюцца ў галіне. У выніку аптымізацыі вызвалена больш за 7,5 млн рублёў, што дазваляе павялічыць памер надбаўкі за работу па кантракце настаўнікам, настаўнікам-дэфектолагам, выхавальнікам і іншым катэгорыям педагагічных работнікаў. Максімальны ўзровень надбаўкі (50%) устаноўлены ўсім настаўнікам, настаўнікам-дэфектолагам вобласці. Сярэдні памер надбаўкі, які ўстанаўліваецца за работу па кантракце педагагічным работнікам, па стане на 31 снежня 2025 года склаў 42,95%, — зазначыў Руслан Юр’евіч.

Источник: https://nastgaz.by