100 радкоў пра калегу. Андрэй Сіпайла з’яўляецца для сваіх вучняў правадніком у свет фізічных таямніц
Фізіка — навука няпростая, але калі яе выкладае чалавек, улюбёны ў сваю справу, вывучэнне законаў Ньютана і электрамагнітных з’яў ператвараецца ў займальнае падарожжа.
Настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Андрэй Сіпайла за 32 гады педагагічнага стажу ведае, як знайсці падыход да кожнага вучня, падтрымаць ініцыятыву і дапамагчы разабрацца ў незразумелай тэме. Нядзіўна, што многія выпускнікі, натхнёныя яго ўрокамі, выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці і становяцца прафесіяналамі ў розных сферах — ад аграрнай да IT.
Андрэй Тамашавіч з’яўляецца выдатным прыкладам педагога, які не толькі вучыць, але і сам пастаянна ўдасканальвае свае веды, сочыць за сучаснымі навуковымі адкрыццямі. Дзякуючы яго адданасці прафесіі, цікавасць да дакладных навук у нашай установе толькі расце. Амаль кожны год школьнікі становяцца пераможцамі другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізіка”, удзельнікамі і пераможцамі навукова-практычнай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура”.
Пры выкладанні прадмета Андрэй Сіпайла выкарыстоўвае методыку праблемнага навучання. Ён стварае сітуацыі, якія падахвочваюць вучняў да самастойнага пошуку рашэнняў. Гэта актывізуе мысленне, развівае творчыя здольнасці і дапамагае засвойваць новыя веды праз самастойны пошук.
У гэтым навучальным годзе ва ўстанове дзейнічае 10 клас інжынернай накіраванасці з вывучэннем фізікі і матэматыкі на павышаным узроўні. На факультатыве “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” Андрэй Тамашавіч прывівае вучням навыкі інжынернага мыслення і вучыць прымяняць фізічныя законы на практыцы. Педагог акцэнтуе ўвагу на прафесійным самавызначэнні, развіцці аналітычнага мыслення, тэхнічнай творчасці і разуменні сувязі фізікі з прамысловасцю і тэхналогіямі.
Акрамя гэтага, Андрэй Сіпайла са студэнцкіх гадоў займаецца турызмам. Свой прафесіяналізм да гэтага кірунку ён паказвае ў рабоце аб’яднання па інтарэсах “Турыстычна-прыкладное мнагаборства”, удзельнікі якога не адзін раз з’яўляліся пераможцамі турыстычных спаборніцтваў рознага ўзроўню.
Источник: https://nastgaz.by














