Як эксперыментальны падыход дапамагае настаўніцы матэматыкі Ларысе Мігдалёнак рыхтаваць алімпіяднікаў
Настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Ларыса Мігдалёнак — творчы педагог, які любіць эксперыментаваць.
Такі падыход у многім дапамагае ёй рыхтаваць пераможцаў прадметных алімпіяд. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наканаваны шлях
— Ларыса Уладзіміраўна, як і чаму вы сталі педагогам?
— Для мяне педагогіка — не проста прафесія, гэта маё жыццё. Я педагог у трэцім пакаленні. Школе прысвяцілі жыццё бабуля з дзядулем, бацька Уладзімір Апанасавіч Голда — настаўнік матэматыкі і былы дырэктар сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска. Дзядуля быў гісторыкам, прайшоў Вялікую Айчынную вайну, а бабуля — настаўніцай пачатковых класаў, яна выхававала сотні ўдзячных вучняў. Нядзіўна, што з самага ранняга дзяцінства я гуляла не ў лялькі, а ў школу: праводзіла ўрокі і правярала сшыткі. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1994 годзе прыехала ў Ваўкавыск і пачала выкладаць у 7-й школе. Дарэчы, 6 гадоў я была намеснікам дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце. Але, прызнаюся, мне больш даспадобы не адміністрацыйная дзейнасць, а вучэбная, бо маё галоўнае імкненне — вучыць дзяцей.
Я пераканана: настаўнікі — вечныя збіральнікі скарбаў, якія заўсёды хочацца паказаць іншым, і гэтая справа захапляе, вабіць, зачароўвае. Мы дзяцей вучым рашаць не проста задачы матэматычныя, а задачы жыццёвыя. А таму настаўнік павінен не толькі перадаваць навучэнцу інфармацыю, але і фарміраваць гібкасць розуму, якая давала б яму магчымасць у далейшым самастойна ўдасканальваць свае веды.
Заўважыць і развіць
— Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце вашы вучні штогод займаюць прызавыя месцы ў раённых і абласных алімпіядах па матэматыцы. А як вы знаходзіце і адбіраеце здольных навучэнцаў?
— У 3—4 класе дзеці праходзяць раённыя алімпіяды, дзе вызначаюцца мацнейшыя. Калі пераходзяць у 5-ы, наша задача — не згубіць іх. Сёння я працую ў 6, 8 і 10-х класах. Звычайна ў кожнай маёй паралелі ёсць алімпіяднікі, якія перамагаюць на ўзроўні раёна, вобласці і нават рэспублікі.
Работа з высокаматываванымі навучэнцамі вельмі складаная, карпатлівая і патрабуе шмат намаганняў, бо з кожным неабходна працаваць асобна. Як толькі заўважаю здольнага вучня, адразу пачынаю даваць яму больш складаныя заданні. Часта бывае так, што вучэбную праграму ён праходзіць наперад і ў другім паўгоддзі замацоўвае набытыя веды альбо ідзе на апярэджанне і пачынае вывучаць курс наступнага класа. Гэта спрыяе таму, што ў 10 класе ён ужо ўвесь год прысвячае выключна падрыхтоўцы да алімпіяды.
Увогуле, аддаю перавагу самастойнай дзейнасці вучняў, фарміруючы ў іх станоўчую матывацыю да вывучэння матэматыкі. Прадумана ажыццяўляю выбар рацыянальнай сістэмы метадаў і прыёмаў навучання з улікам узросту і індывідуальных асаблівасцей школьнікаў. Так, пачынаючы з 5 класа дыферэнцыравана даю заданні на ўроках. У асноўным навучэнцы выконваюць іх самастойна, але пад маім кантролем. Раз-два на тыдзень збіраю сшыткі, правяраю і тлумачу памылкі і недахопы.
У сваёй рабоце з вучнямі выкарыстоўваю не толькі дыферэнцыраваны падыход да навучання, але і праблемныя сітуацыі, метад крытычнага мыслення, далучаю іх да даследчай дзейнасці.
Заўсёды стараюся працаваць на вынік. Але вынік розны для ўсіх. Шчыра кажучы, адораных дзяцей не так i многа — 2—3%, ім ад настаўніка патрэбен толькі штуршок. А вось з астатнімі неабходна добра папрацаваць, каб дасягнуць выніку. Зразумела, матэматыку добра ведаць усім немагчыма, бо ў кожнага свой узровень. У базавым класе прадмет не будуць ведаць так, як у профільным, але галоўнае, каб дзеці стараліся.
Добры вынік

— Якімі апошнімі дасягненнямі сваіх вучняў вы асабліва ганарыцеся?
— Ксенія Сукач атрымала дыплом ІІІ ступені на абласной алімпіядзе ў 2022/2023 навучальным годзе, а Мацвей Саўко стаў уладальнікам дыплома І ступені на трэцім этапе і дыплома III ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 2024/2025 годзе. Зараз ён перамог на трэцім этапе і будзе змагацца за званне наймацнейшага на рэспубліцы.
Школьная праграма, заданні ЦЭ і ЦТ вельмі адрозніваюцца ад алімпіядных задач. Таму, каб натрэніраваць вучня на іх рашэнне, трэба шмат і старанна працаваць. Напрыклад, Мацвей па пяць гадзін штодзень рашае розныя заданні.
Да таго ж мае вучні прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Кенгуру”. За апошнія 3 гады атрымалі больш як дзясятак прызавых месцаў. Удзельнічаюць і ў дыстанцыйных алімпіядах па матэматыцы рэспубліканскага ўзроўню, і ў алімпіядзе “Школа дакладных навук”, дзе таксама вельмі часта трапляюць у лік прызёраў.
Мае выпускнікі штогод паказваюць высокія вынікі на ЦТ, а трое навучэнцаў здалі на 100 балаў ЦЭ. Рыхтаваць іх пачынаю ў 10 класе — амаль з 1 верасня яны прыступаюць да рашэння тэстаў. На ўроках, вядома ж, ідзе паўтарэнне, але калі ёсць спараныя заняткі, то мы абавязкова на адных штосьці паўтараем, а на другіх — рыхтуемся да тэсціравання. Дзеці ўжо прывыклі да такой сістэмы, яны ведаюць, што да гэтага дня трэба рашыць тэст, затым мы яго правяраем, каб кожны бачыў свае памылкі. Такім чынам мы рыхтуемся на працягу 10—11 класаў, і такая сістэмная работа прыносіць свае вынікі. Напрыклад, многія з маіх сёлетніх 10-класнікаў на РТ набралі 70 і больш балаў, хоць у 10 класе яшчэ не ўсе тэмы пройдзены. І гэта добры вынік.
— Ці ёсць тэмы, у засваенні якіх, як правіла, узнікаюць цяжкасці?
— У маіх вучняў, якія вырашылі здаваць ЦЭ або ЦТ па матэматыцы, такіх тэм няма. Бо калі тэма добра адпрацавана, то памылак у тэстах не будзе. У асноўным навучэнцы памыляюцца ў вылічэннях. Хоць вуснае лічэнне абавязкова павінна быць ва ўсіх класах. Але сучасныя дзеці, на жаль, вельмі рана пачынаюць карыстацца мабільнымі тэлефонамі, камп’ютарамі, калькулятарамі і перастаюць лічыць самастойна. Каб пазбегнуць гэтага, забараняю карыстацца імі пачынаючы з 5 класа.
Калі гаварыць пра алімпіядныя заданні, то, зразумела, яны зусім іншыя. Прычым і самому настаўніку, які займаецца падрыхтоўкай алімпіяднікаў, увесь час трэба быць у тонусе, напрыклад, не забываць вышэйшую матэматыку. Калі я пачынала працаваць з адоранымі дзецьмі, было складана з літаратурай, а зараз можна набыць любы падручнік або з інтэрнэта спампаваць. Яшчэ ў нашых навучэнцаў ёсць магчымасць займацца ў профільным аздараўленчым лагеры “Імпульс”, дзе я з’яўляюся трэнерам па матэматыцы, а таксама ў абласным выхаваўча-аздараўленчым лагеры “Навука”.
— Сучасныя вучні адрозніваюцца ад тых, што былі гадоў 20 назад? Што дапамагае прывіць ім любоў да матэматыкі?
— Прызнаюся, калі праглядаю свае старыя канспекты і карткі з заданнямі, задаю сабе пытанне: як жа дзеці з імі спраўляліся. Сённяшнія вучні такога ж узросту не змогуць рашыць іх. Магчыма, прычына ў даступных рашэбніках і гаджэтах.
Каб захапіць сучасных дзяцей матэматыкай, настаўнікі выкарыстоўваюць разнастайныя спосабы і метады. Напрыклад, калі мы вывучаем формулы на рух, то складаем дыдактычныя гульні, як плыць па і супраць цячэння на лодках. Да таго ж я люблю паэксперыментаваць, і калі праходзім тэму “Сіметрыя”, то для нагляднасці магу правесці інтэграваны ўрок з настаўнікам выяўленчага мастацтва. Думаю, многія педагогі выкарыстоўваюць такія прыёмы для прыцягнення ўвагі дзяцей і доказу, што матэматыка жыве не сама па сабе, а прымяняецца ўсюды — у медыцыне, прамысловасці, сельскай гаспадарцы.
Падказаць і накіраваць
— Ларыса Уладзіміраўна, ведаю, што сваім педагагічным вопытам вы актыўна дзеліцеся з калегамі.
— Так, я даю адкрытыя ўрокі і майстар-класы, з задавальненнем праводжу семінар-практыкум “Рашэнне найбольш складаных задач курса матэматыкі” для настаўнікаў раёна, у першую чаргу маладых спецыялістаў, навучаючы іх розным метадам і спосабам рашэння задач. Гэта ў тым ліку і своеасаблівая падрыхтоўка да павышэння кваліфікацыі педагогаў. Стараюся стварыць такія ўмовы, якія заматывуюць іх на ўдасканаленне ўзроўню прафесійнага майстэрства. А мой вопыт па тэме “Актывізацыя мысліцельнай дзейнасці вучняў на ўроках матэматыкі праз рашэнне лагічных задач” абагульнены і выкарыстоўваецца ў практычнай дзейнасці настаўнікаў матэматыкі школы і раёна.
Лічу, што адным з эфектыўных метадаў актывізацыі разумовай дзейнасці вучняў на ўроках матэматыкі з’яўляецца стварэнне ўмоў для самастойных адкрыццяў. Настаўнік у гэтым выпадку мае ролю арганізатара, а не проста крыніцы ведаў. Ён фармулюе праблемныя сітуацыі, якія падахвочваюць вучняў да актыўнага пошуку рашэнняў, а не да механічнага запамінання формул. Напрыклад, пры вывучэнні ў 8 класе тэмы “Раскладанне квадратнага трохчлена на лінейныя множнікі” прапаную дзецям самастойна знайсці спосаб яго раскладання, а затым ужо абмеркаваць розныя падыходы і стратэгіі.
Важна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці кожнага вучня: яго ўзрост, узровень развіцця, псіхалагічныя асаблівасці. На сваіх уроках выкарыстоўваю матывацыйны, змястоўны і ацэначна-аналітычны кампаненты. Матывацыйны ўключае пастаноўку мэт, стварэнне праблемных сітуацый і задач, якія выклікаюць цікавасць і жаданне вучыцца. Змястоўны прадугледжвае выкарыстанне разнастайных метадаў групавых работ, інтэрактыўных заданняў, гульнявых форм, якія робяць урок больш яркім і запамінальным. Напрыклад, любімымі размінкамі маіх навучэнцаў сталі такія, як “Матэматычныя дыктоўкі”, “Трэці лішні”, “Сэнсавы рад”, “Знайдзі памылку”, “Правільныя і няправільныя сцвярджэнні”. Ацэначна-аналітычны кампанент уключае рэфлексію і самаправерку, што дапамагае навучэнцам зразумець свае поспехі і недахопы.
Эфектыўнае выкарыстанне інтэрактыўных метадаў садзейнічае развіццю ў вучняў цікавасці да прадмета, іх ініцыятыўнасці. У выніку ўрокі ператвараюцца з пасіўнага ўспрымання інфармацыі ў творчы працэс, насычаны пошукам і адкрыццём новых ведаў.
— Дзякуй за цікавую размову. Як мага больш таленавітых вучняў і новых поспехаў!
Источник: https://nastgaz.by














