Якія ўнікальныя экспанаты захоўваюцца ў музеі ручніка ў Корнадзьскай школе
Музей ручніка ў Корнадзьскай базавай школе Свіслацкага раёна — сапраўдны цэнтр творчага развіцця школьнікаў і крыніца натхнення для педагогаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўнік гісторыі Мікалай Савіцкі для кожнага госця гатовы правесці экскурсію. Свой захапляльны аповед ён нязменна пачынае з важнай інфармацыі:
— У 2024 годзе наш музей атрымаў званне народнага — сёння ў раёне такіх усяго два. Гэта гордасць установы, дзе творчы складнік з’яўляецца асновай развіцця кожнага вучня.
Дырэктар невялікай сельскай школы Вольга Лысевіч у пацвярджэнне гэтых слоў прыводзіць зайздросны факт:
— Толькі ў мінулым годзе ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах творчай накіраванасці корнадзьскія вучні атрымалі 24 дыпломы. І гэта пры тым, што адукацыйны і выхаваўчы працэс у нас арганізаваны ўсяго для 35 дзяцей, уключаючы дашкольнікаў.
Сакрэты літары “яць”
Музей налічвае 12 экспазіцый, размешчаных у трох залах, і ўключае 791 экспанат. У адной з залаў узноўлены інтэр’ер сялянскай хаты пачатку XX стагоддзя. Асаблівая ўвага ўдзяляецца мясцовым асаблівасцям: у музеі прадстаўлена чарнаглянцавая кераміка, характэрная для промыслаў жыхароў гэтых зямель.

Калекцыя музея налічвае 196 ручнікоў, якія расказваюць пра адметнасці творчасці майстрых не толькі з Корнадзі, але і з паўднёва-ўсходняй часткі Свіслацкага раёна, усяго Панямоння.
— Частка ручнікоў — гэта сямейныя рэліквіі педагогаў і жыхароў Корнадзі, — працягвае Мікалай Савіцкі. — Самаму каштоўнаму нашаму экспанату не менш як 108 гадоў. Мы ведаем пра гэта дзякуючы выкарыстанню ў аздабленні ручніка літары “яць”, якая перастала ўжывацца пасля рэформы 1918 года.
Значная частка ручнікоў была сабрана ў выніку тэматычных экспедыцый вучняў і настаўнікаў па раёне. Дырэктар школы ўзгадвае, як, будучы загадчыцай музея, шукала кантакты майстрых, якія займаліся ткацтвам на Свіслаччыне, і разам з дзецьмі наведвала іх, каб папоўніць музейныя фонды.
Многія ўнікальныя работы музея — вынік захаплення вышываннем самой Вольгі Аляксандраўны. Любоў да гэтага віду творчасці ў яе зарадзілася ў Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы. Адклаўшы іншыя справы, Вольга Лысевіч, хоць і не так часта, як хацелася б, садзіцца за рукадзелле.

— У музеі распрацавана 13 тэматычных экскурсій, — дзеліцца дырэктар. — Асабліва шматлюдна ў нас бывае падчас канікул, і кожны раз мы імкнёмся арыгінальна прадставіць наяўны матэрыял. Частка інфармацыі на музейных стэндах — вынік даследчай работы педагогаў і школьнікаў. Вось тут, напрыклад, прадстаўлены вобразы-сімвалы беларускага народнага мастацтва да каляндарных свят: Каляды, Масленіца, Купалле, Багач… На падставе даследчай работы мы спачатку малявалі эскізы такіх сімвалаў, а потым разам з дзецьмі вышывалі іх крыжыкам.
Ва ўсіх трох памяшканнях музея прысутнічае аб’яднальны матыў — свая захавальніца. Гэта манекен жанчыны-маці ва ўборы з нацыянальнымі акцэнтамі, які адпавядае прадстаўленай экспазіцыі.

— Мы расказваем не толькі пра побыт, асаблівасці ручнікоў і нацыянальнага строю, але і пра тканыя паясы, характэрныя менавіта для свіслацкай зямлі. Такіх паясоў у музеі каля 50. Усе яны адрозніваюцца па шырыні і ўзоры. Гэта таксама сумесны вынік даследчай работы і творчасці дзяцей з педагогамі, — адзначае дырэктар.
Вывучаем родны край
Краязнаўчыя даследаванні — значная частка працы калектыву школы. Многія з такіх работ аформлены ў асобны зборнік і расказваюць, напрыклад, пра паходжанне назвы аграгарадка і хутароў раёна, пра асаблівасці аздаблення ручнікоў і нацыянальнага строю. Дарэчы, у 2025 годзе ў абласным конкурсе краязнаўчых зборнікаў абагульненая работа педагогаў і навучэнцаў з Корнадзі з красамоўнай назвай “Вывучаем родны край” заняла 1-е месца.
Вучні базавай школы не раз станавіліся прызёрамі рэспубліканскіх конкурсаў навукова-даследчых работ і двойчы атрымлівалі стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— Усе нашы вучні — з мнагадзетных сем’яў, і іх бацькам не даводзіцца гаварыць пра важнасць творчага развіцця дзіцяці. Для іх гэта даўно вядомая рэч, — працягвае дырэктар.
Галоўныя акцэнты ўсёй выхаваўчай работы педагогі робяць на працоўным і патрыятычным выхаванні. З позняй вясны і да ранняй восені школа літаральна патанае ў кветках, нагадваючы дзецям: “Вось яна, якая прыгожая — мая школа, мой край, мая Беларусь!” Невыпадкова па выніках раённага конкурсу па добраўпарадкаванні ўстанова прызнана найлепшай на Свіслаччыне.
— Кожны год мы рэалізоўваем расаду і кветкі насельніцтву, а атрыманыя сродкі накіроўваем на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. І гэта для нашых школьнікаў урок беражлівых адносін і працавітасці, — дзеліцца кіраўнік.
Гледзячы ў будучыню
Разважаючы пра будучыню невялікай і ўтульнай школы, Вольга Лысевіч шматзначна ўздыхае. Па аб’ектыўных прычынах рэарганізацыя ўстановы — пытанне недалёкай будучыні.
— І тым не менш гэта не прычына працаваць несумленна. Наш калектыў не толькі імкнецца да развіцця, але і маладзее. Першыя крокі ў прафесіі з намі робяць 4 маладыя спецыялісты — выпускнікі каледжа ў Ваўкавыску.
У выпадку рэарганізацыі калектыў абавязкова атрымае новы адрас для работы і вучобы. З музеем, бадай, будзе крыху складаней. Але мы ніколі не чулі пра бязвыхадныя сітуацыі, — адзначае дырэктар і падсумоўвае размову: — Ужо сёння думаем над тым, як захаваць багатую і цікавую экспазіцыю музея, які для многіх выпускнікоў стаў пунктам адліку вялікіх творчых захапленняў і нават краязнаўчых адкрыццяў.
Источник: https://nastgaz.by

















