Настаўнік, што нёс мову праз гады
75 гадоў — гэта не проста лічба.
За ёй хаваецца цэлае жыццё Феліцыі Сцяпанаўны Русілевіч, трыццаць восем з якіх аддадзены любімай прафесіі настаўніка. За гэтымі лічбамі тысячы праведзеных урокаў, сотні спісаных сшыткаў, некалькі пакаленняў вучняў, чые сэрцы яна навучыла біцца ў рытме роднага слова. Трыццаць гадоў з іх Феліцыя Сцяпанаўна прысвяціла Радунскай сярэдняй школе. Гэтая адданасць зрабіла яе не проста педагогам, а жывой часткай гісторыі нашай навучальнай установы. За тры дзесяцігоддзі яе кабінет беларускай мовы стаў той прасторай, дзе раскрывалася прыгажосць роднага слова, дзе пакаленні радунцаў вучыліся не толькі грамаце, але і любові да сваёй зямлі.


Удаева Ірына Віктараўна: “Паважаная Феліцыя Сцяпанаўна! Вы – жывая памяць беларускага слова. Колькі пакаленняў вучняў Вы навучылі чуць музыку роднай мовы ў радках Янкі Купалы, адчуваць душу народа ў вершах Якуба Коласа, разумець, што «Беларусь – гэта не толькі зямля пад нагамі, але і песня ў сэрцы». Вашы ўрокі былі ўрокамі любові да сваёй зямлі, сваёй мовы і сваёй гісторыі. І гэтая любоў, як добрае насенне, пусціла карані ў сотнях сэрцаў”.
Як класны кіраўнік Феліцыя Сцяпанаўна ўмела аб'ядноўвала не толькі вучнёўскі калектыў, але і стварала адзінае цэлае з настаўнікаў, бацькоў і вучняў. У розны час яе класныя калектывы неаднаразова ўдастойваліся звання «Лепшы клас года», як прызнання той асаблівай атмасферы адзінства, адказнасці і ўзаемнай падтрымкі, якую яна ўмела стварыць.
“Ветэран працы” — гэта званне як падзяка Феліцыі Сцяпанаўне ад дзяржавы за адданасць справе. Але сапраўдная ўзнагарода настаўніка не ў дакуменце, а ў вачах былых вучняў, якія, стаўшы дарослымі, проста ганарацца тым, што могуць сказаць «дзякуй» шчыра, ад душы, па-сапраўднаму разумеючы глыбіню гэтага слова.
Ірына Андзюлевіч, выпускніца 2005 года: “Паважаная Феліцыя Сцяпанаўна! Вы — мой натхняльнiк, мой найлепшы прыклад на ўсё жыццё. Вы былі для нас сапраўдным правадыром у свет скарбаў беларускай літаратуры. Дзякуй Вам за тыя моманты, калі на ўроках мы заціхалі ўсе, слухаючы радкі Купалы або Коласа, за цярпенне, з якім вы тлумачылі асаблівасці мовы, і за тую іскру любові да роднага, якую вы ў нас запалілі. Дзякуй Вам за нашы сумесныя паходы і экскурсіі, калектыўныя справы, нашы агульныя святы з бацькамі. Але самае галоўнае – дзякуй за тое, што Вы падарылі мне не проста любоў да мовы, вы падарылі мне прызванне вучыць дзяцей, а гэта лепшае, што можа здарыцца з настаўнікам, калі яго вучань выбірае той жа шлях. Дзякуючы Вам, мне хочацца зноў i зноў вярнуцца за школьную парту, у тую неверагодную школьную атмасферу, паверыць у казку. Я хачу выказаць словы падзякi майму любiмаму настаунiку i пажадаць Вам, Фелiцыя Сцяпанауна, доўгiх гадоў жыцця, натхнення i толькi радасных падзей на жыццёвым шляху”.
ПАВАЖАНАЯ ФЕЛІЦЫЯ СЦЯПАНАЎНА!
Жадаем, каб у Вашыя 75 гадоў здароўе было моцным, душа – светлай, а сэрца – шчодрым. Няхай кожны дзень напаўняецца для Вас асаблівай радасцю – той, што прыносяць дзеці і ўнукі сваімі цёплымі абдымкамі, звонкім смехам і даверлівымі размовамі. Няхай радуюць Вас не толькі старонкі любімых кніг, але і жывыя гісторыі, шчаслівы шум сямейных сустрэч за сталом. А мы, Вашы калегі і вучні, будзем захоўваць памяць аб Вашай працы, бо настаўнік жыве вечна ў тых, каго ён навучыў бачыць прыгажосць у родным слове, – і ў тых, хто цяпер перадае гэтую любоў да мовы далей, праз дзяцей і ўнукаў.
З павагай і ўдзячнасцю педагогі, ветэраны педагагічнай працы і былыя вучні Радунскай сярэдняй школы.














