В управлении образования Мостовского райисполкома новый руководительЯ буду ўрачом: у гімназіі № 1 Мастоў паспяхова дзейнічае група медыцынскай накіраванасці — другая ў раёне

У гімназіі № 1 імя Данілы Валковіча ў Мастах у гэтым навучальным годзе адбылася падзея, якую дырэктар Сяргей Мармыш называе заканамерным працягам традыцый.

Тут адкрылася група медыцынскай накіраванасці — другая такая ў раёне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Падчас першай сустрэчы з дзесяцікласнікамі мы не гаварылі пра анатомію і латынь, якія ім давядзецца выву­чаць у вышэйшай школе. Мы гаварылі пра людзей, — усміхаецца Сяргей Генадзьевіч, — пра нашых землякоў-урачоў, якімі ганарыцца не толькі Мастоўшчына.

Дырэктар гімназіі расказвае пра Станіслава Балтрукевіча, стваральніка абласнога траўматалагічнага цэнтра ў Гродне, заснавальніка Рэспубліканскай школы касцёва-пластычных хірургаў. Яго імя сёння носіць Правамастоўская сярэдняя школа. А падчас віртуальнай экскурсіі па сайце ўжо сваёй установы адукацыі кіраўнік спыняе ўвагу на фотаздымку Лізаветы Валковіч — дачкі таго самага Данілы Валковіча, імя якога носіць гімназія. Вядомы дзіцячы кардыяхірург, яна выратавала сотні маленькіх сэрцаў.

— Мы хацелі, каб дзеці адчулі: яны — прадаўжальнікі вялікай традыцыі. Важна ведаць, што ты не першы і, спадзяюся, не апошні, — разважае дырэктар і падкрэслівае, што створаны ў гімназіі профіль — не аднаразовая акцыя.

Насамрэч гісторыя сённяшняй профільнай групы пачалася значна раней. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце На­дзея Красько ўспамінае, як дзевяцікласнікі на дапрофільнай падрыхтоўцы дружна пацягнуліся да хіміі з біялогіяй. У верасні гімназія і раённая бальніца падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. Цяпер будучыя медыкі рэгулярна бываюць у аддзяленнях ЦРБ. Прымяраюць белы халат і пакуль толькі ў думках уяўля­юць сябе калегамі працуючых тут медыкаў.

https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2026/02/IMG_9300-1-300x202.jpg 300w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2026/02/IMG_9300-1-1024x691.jpg 1024w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2026/02/IMG_9300-1-768x518.jpg 768w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2026/02/IMG_9300-1-1536x1036.jpg 1536w, https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2026/02/IMG_9300-1-2048x1381.jpg 2048w" alt="" width="800" height="540" style="box-sizing: border-box;">

Дзесяцікласніца Дар’я Івановіч марыць стаць фармацэўтам. Гаворыць пра гэта ўпэўнена, як пра нешта ўжо вырашанае. Чатыры ўрокі хіміі і біялогіі ў тыдзень для яе — не нагрузка, а магчы­масць. Арсеній Нічыпаровіч бачыць сябе інжынерам-хімікам-тэхнолагам. Прызнаецца, што вучоба ў профільным класе зрабіла яго больш самаарганізаваным.

У гімназіі сёння працуюць групы педагагічнай накіраванасці і інжынерная. Іх выпускнікі атрымліваюць пэўныя перавагі пры паступленні. А вось на медыкаў гэтая практыка не распаўсюджваецца.

— Крыўдна? Вядома, — падкрэслівае Надзея Генадзьеўна. — Але гэта не пужае рашуча настроеных вучняў. Наадварот, у медыцынскую групу прыйшлі сапраўды матываваныя дзеці, якія выбралі прафесію па поклічы
сэр­ца.


У гімназіі робяць стаўку на мэтавае навучанне. І гэта зноў жа сумесная праца ўстановы адукацыі і раённай ЦРБ.

— Мы шчыра гаворым вучням: пасля вучобы вяртайцеся на малую радзіму. Раёну патрэбны спецыялісты, тут вас чака­юць, — адзначае Сяргей Мармыш. — У 2015 годзе гімназія першай у раёне адкрыла групу педагагічнай накіраванасці. Больш за 50 выпускнікоў прайшлі праз нашы педагагічныя групы за 10 гадоў, 24 з іх ужо сталі настаўнікамі. З 2024 года наша ўстанова адукацыі ўключана ў рэалізацыю рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”.

У 2022 годзе ў гімназіі з’явіліся ваенна-патрыятычныя групы, праз два гады — інжынерная.

— Мы не гонімся за колькасцю профіляў. Адкрываем толькі тыя, якія сапраўды патрэбны дзецям. Глядзім, да чаго цягнуцца навучэнцы, што выбіраюць на дапрофільнай падрыхтоўцы, — тлумачыць дырэктар.

Ён упэўнены, што профільнае навучанне — гэта не проста паглыбленае вывучэнне прадметаў. Гэта магчымасць прыме­раць на сябе прафесію, зразумець, тваё гэта ці не. Менавіта з такім падыходам у мастоўскай гімназіі рыхтуюць будучых медыкаў. Шэсць старшакласнікаў кожны дзень робяць выбар на карысць сваёй мары — садзяцца за парты і вывучаюць хімію і біялогію на павышаным узроўні.

Можа, праз некалькі гадоў хтосьці з іх адкрые новы медыцынскі цэнтр, як Станіслаў Балтрукевіч. Ці выратуе дзіцячае сэрца, як Лізавета Валковіч. А можа, проста стане добрым раённым урачом — тым, да каго людзі будуць спяшацца са сваім болем і вяртацца з надзеяй. Усе вялікія гісторыі пачынаюцца са школьнай парты і простага рашэння: “Я буду ўрачом”.

Источник: https://nastgaz.by