Цікавы факт: у гімназіі № 1 Дзятлава 22 педагогі і 222 вучні — і іх работу можна ацаніць толькі на дзясятку

Дырэктар гімназіі № 1 Дзятлава Вераніка Фабішэўская расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра важныя для ўстановы адукацыі падзеі 2025 г.

У 1998 годзе пасля заканчэння Лідскага педагагічнага вучылішча ­Вераніка Фабішэўская прыйшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў у родную Раготнаўскую школу. З пачатковай школай звязана 27 гадоў педагагічнага стажу, і гэты час яна заўсёды ўспамінае з цеплынёй. У Раготне атрымала і першы вопыт адміністрацыйнай работы — была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Пасля стала часткай каманды педагогаў у Дварцы, дзе ў 2019 годзе пачаўся яе кіраўніцкі стаж. З 2023-га ўзначальвае гімназію № 1 Дзятлава.

— Вераніка Пятроўна, з якімі вынікамі падышлі да новага каляндарнага года?

— У 2025-м важнай падзеяй для нас стала ўзнагароджанне настаўніцы інфарматыкі Святланы Іосіфаўны Кетко нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. Калектыву ўстановы заўсёды ёсць з каго браць прыклад і на каго раўняцца. У нас 4 настаўнікі-метадысты, амаль 70 працэнтаў педагогаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

У рэспубліканскім конкурсе метадычных матэрыялаў “Навучаем. Прасоўваем. Дзейнічаем” Наталля Паўлаўна Клімец была адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі “Пазакласнае мерапрыемства”. Вялікую калекцыю ўзнагарод сабралі выхаванцы настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Алены Вікенцьеўны Радомскай. Сярод найбольш значных — дыпломы пераможцаў і прызёраў у двух міжнародных конкурсах: конкурсе апавяданняў і конкурсе сачыненняў. Лепшымі вучні Алены Вікенцьеўны сталі і ў рэспубліканскім конкурсе “Дарогамі воінскай славы”, а таксама ў намінацыі “Гісторыя роднага краю” рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў.

Кожны год заваёўваем дыпломы на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У мінулым годзе іх было 5. З узнагародамі заўсёды вяртаемся і з абласной канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Хрустальная Альфа”. Нашы вучні рэгулярна становяцца ўдзельнікамі адукацыйных змен у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Арцём Конан нават прайшоў дыстанцыйнае навучанне.

Адна з апошніх узнагарод атрымана напярэдадні навагодніх свят. Як прызёр Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі і міжнароднага конкурсу даследчых работ дзесяцікласнік Гардзей Самахвал адзначаны абласной прэміяй імя Героя Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Дубко.

— Што было важным у вашым прафесійным станаўленні як дырэктара гімназіі?

— Маё станаўленне цесна звязана з абласным інстытутам развіцця адукацыі. Спачатку раён накіраваў мяне на вучобу як прадстаўніка рэзерву кіруючых кадраў. Затым на інстытуцкай платформе я стала членам клуба маладых дырэктараў “Перспектыва”. З задавальненнем вучуся і сёння, уваходжу ў Асацыяцыю кіраўнікоў устаноў адукацыі вобласці.

Гэтыя сустрэчы дапамага­юць аб’ектыўна ацаніць працу гімназіі. Падчас кастрычніцкай сесіі знаёміліся з цікавым вопытам вялікіх устаноў адукацыі абласнога цэнтра. Калі калегі пералічвалі дасягненні і поспехі сваіх вучняў, лавіла сябе на думцы: “І ў нас гэта ёсць, і мы тут добра сябе праявілі”. А дзяцей у нас у некалькі разоў менш. Упэўнена, што дасягненні вучнёўскага калектыву звязаны з патэнцыялам педагагічнай каманды і яго паспяховай рэалізацыяй.

— На якіх прынцыпах будуеце сваю работу?

— На першае месца стаўлю павагу і давер. Важна, каб кожны адчуваў сябе часткай каманды. Як толькі ўзаемаадносіны ў калектыве становяцца “ты за мяне, я за цябе”, усе пачына­юць працаваць сумленна.

Стварыць атмасферу, дзе кожны педагог адчувае сябе пачутым і здольным зра­біць асабісты ўклад у развіццё ўстановы, можна нават падчас педагагічнага савета. Дапамагаюць у гэтым тэхнікі мазгавога штурму, фармат круглага стала. Гэта забяспечвае педагогам роўныя магчымасці ў выказванні свайго меркавання, спрыяе адкрытаму дыялогу, абмену вопытам і фарміраванню агульнага бачання пытання.

Галоўнае — бяспека і камфорт для вучняў. Але такія ўмовы немагчыма стварыць без камфорту для педагогаў. Сёння гэта прыярытэтны кірунак маёй работы.

— Як захоўваць баланс паміж камфортам і адказным выкананнем пастаўленых задач?

— Калі задача кіраўніцтва сутыкаецца з пэўнымі “але” з боку калектыву, важна даць час на прыняцце рашэння, пры гэтым не аслабіць свае пазіцыі. Настроіць на працоўны лад можа нават простае “ўпэўнена, што менавіта вы зробіце ўсё на самым высокім узроўні”. Рэгулярна адзначаю дасягненні — як вуснымі падзякамі, так і матэрыяльна. На згуртаванне працуюць і нефармальныя зносіны.

Сёння наш калектыў — моцная каманда: ад дзяцей да дарослых. Напрыклад, адзін з учарашніх выпускнікоў сутыкнуўся з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. Для лячэння патрэбна была вельмі вялікая сума. З ініцыятывай падтрымаць сям’ю выступілі бацькі вучняў. Далучыліся ўсе.

— Ці даводзіцца сумнявацца ў прынятых рашэннях?

— Работа кіраўніка — гэта не заўсёды ўпэўненасць у кожным кроку. У моманты сумненняў ведаю, што ў мяне ёсць надзейная падтрымка не толькі ў калектыве. Арыенціры для новых імкненняў і дасягненняў падказвае начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Яўгенаўна Лашкоўская.

Важна, што адчуваем матывацыйную падтрымку не толькі словам, але і справай. Летась наша гімназія стала лепшай у арганізацыі падрыхтоўкі да новага навучальнага года. У якасці заахвочвання кіраўніц­тва раёна выдзеліла значную суму на закупку новай тэхнікі, і мы поўнасцю абнавілі камп’ютарны клас. Вучням і педагогам гэта паслужыць выдатным падмуркам для новых перамог. Упэўнена, наперадзе нас чакае шмат цікавых праектаў і дасягненняў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара