«Ганаруся табой, БАЦЬКА»

08.04.2024
«Гродзенская праўда» сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама запускае новы праект «Ганаруся табой, БАЦЬКА».
Важнасць удзелу бацькі ў жыцці дзіцяці немагчыма пераацаніць, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. На працягу многіх стагоддзяў вобраз бацькі быў галоўнай кропкай апоры, які цэментаваў і сям’ю, і традыцыйнае грамадства.
– У традыцыйнай сусветнай культуры з вобразам бацькі непарыўна ішлі такія паняцці, як «справядлівасць», «абарона», «дабрабыт» і нават у некаторых выпадках «правасуддзе». Для сваёй сям’і мужчына павінен быць не проста здабытчыкам, але і надзейнай апорай, моцным і мужным заступнікам, а таксама чулым і ўважлівым мужам, любячым бацькам. Усе гэтыя ўстаноўленыя нормы прыйшлі да нас з глыбіні гісторыі і беражліва перадаваліся ад продкаў. Наша задача – зберагчы традыцыю, каб яна жыла ў нашых дзецях, – сказаў Руслан Абрамчык. – У беларускага народа гістарычна склалася, што бацька – гэта мудры старэйшы таварыш, той, хто заўсёды дапамагае і абараняе. У свой час нашага Прэзідэнта беларускі народ таксама празваў «Бацькам», таму што ў ім ён бачыць таго, хто абавязкова забяспечыць для свайго народа мір і бяспеку, заўсёды будзе яго абараняць.
Для паўнацэннага развіцця дзіцяці патрэбны дзве галоўныя апоры, якія дапамагаюць яму сфарміраваць адносіны да жыцця на ўсіх этапах станаўлення – гэта мама і тата, адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вольга Сядзельнік.
– Калі аб ролі маці гаворыцца паўсюдна, то роля бацькі часам незаслужана адкладаецца на другі план. І гэтую несправядлівасць трэба ліквідаваць. У сучасным свеце функцыі бацькі не абмяжоўваюцца здабыткам умоўнага моманта. бацька, які любіць і зацікаўлены будучыняй сваіх дзяцей, прысутнічае ў іх жыцці штодзень. У раннім дзяцінстве менавіта бацька вучыць сына не плакаць з-за пабітага калена, менавіта бацька першым кажа дачцы, што яна яго маленькая прынцэса. Гледзячы на бацьку, кожны юнак павінен разумець, што для мужчыны вельмі важна знайсці сваю справу і намагацца стаць у ёй лепшым. І, самае галоўнае, стаць сапраўднай апорай для сваёй сям’і, – сказала Вольга Сядзельнік.
Менавіта пра дастойных, сумленных і клапатлівых мужчын мы будзем расказваць на старонках «Гродзенскай праўды».
– Наша газета заўсёды з асаблівымі пачуццямі пісала і працягвае пісаць пра людзей. Лёсы, поспехі і дасягненні жыхароў Гродзеншчыны – адны з прыярытэтных тэм на старонках абласнога выдання. Няма сумнення, што новы праект знойдзе водгук у сэрцах чытачоў, а апублікаваныя гісторыі не пакінуць нікога абыякавым. Мы з вялікім задавальненнем і цікавасцю пачынаем праект «Ганаруся табой, БАЦЬКА» і чакаем ад чытачоў зваротнай сувязі. Пішыце або тэлефануйце ў рэдакцыю, расказвайце пра бацькоў, пра якіх варта напісаць, а мы абавязкова будзем прыслухоўвацца да вашых парад, – сказала галоўны рэдактар «Гродзенскай праўды» Таццяна Сяргеева.
Фото: pixabay.com













